2 лістапада, на Дзяды, беларуская супольнасць Уроцлава сабралася на Асабавіцкіх могілках, каб ушанаваць памерлых, памаліцца за іх. Сустрэчу арганізатары назвалі шпацырам памяці — бо гэта не толькі магчымасць быць разам у святочны дзень, але і нагода пазнаёміцца з гісторыямі беларусаў, якія жылі і спачываюць ва Уроцлаве, узгадаць іх шлях.
“Восенню нам асабліва баліць, што большасць не мае магчымасці паехаць дадому, схадзіць на могілкі да сваіх родных на Дзяды, запаліць свечку… Таму збіраемся разам тут, шукаем і даведваемся пра нашых землякоў, пахаваных ва Уроцлаве – знакамітых і звычайных людзей, іх лёсы, гісторыі. Або асобаў, якія былі звязаныя з Беларуссю. Гэта каштоўна, гэта таксама развівае нашую супольнасць, аб’ядноўвае і кожныму па-свойму дапамагае пражыць гэты час,” – дзеліцца арганізатарка Кацярына з Суполкі беларусаў Уроцлава.
Нягледзячы на дождж, сабралася 44 чалавекі. Сумесную малітву на роднай мове правёў ксёндз Антоні Аблам, афіцыйна прызначаны з кастрычніка 2023 года душпастырам беларускай каталіцкай супольнасці ва Уроцлаве.
Падчас шпацыру разам з гісторыкам і гідам Таццянай Гайдук удзельнікі наведалі магілы ахвяр сталінскага тэрору, помнік ненароджаным дзеткам, а таксама пахаванні беларусаў. Напрыклад, адной з кропак стала магілка выбітнага мастака Яўгена Гет-Станкевіча – аднаго з самых вядомых і ўплывовых творцаў Уроцлава другой паловы ХХ стагоддзя, які нарадзіўся ў Ашмянах у 1942 годзе.
Таксама наведалі пахаванні Уладзімір Галубовіча і яго жонкі – Хэлены Цэгак-Галубовіч – вядомых польскіх археолагаў, якія хоць не мелі беларускага паходжання, але іх імёны непарыўна звязаныя з даследаваннем і захаваннем беларускай гісторыі. У 1930-я гады яны праводзілі шырокія археалагічныя раскопкі ў Лідскім, Мёрскім, Пастаўскім і іншых раёнах, вывучаючы старажытныя паселішчы і гарадзішчы. Пад іх кіраўніцтвам была створана рабочая група, якая правяла вялізную працу па сістэматызацыі і аднаўленні археалагічных матэрыялаў — ім удалося аднавіць пашпарты амаль на 70 % знаходак з раскопак 1930-х гадоў. Дзякуючы іх працы ўдалося захаваць звыш 11 тысяч археалагічных прадметаў.
Беларусы запалілі лампадкі, усклалі кветкі і ўспомнілі тых, хто адышоў. Сярод іх гэта ўжо стала прыгожай і важнай традыцыяй – самастойна шукаць пахаванні суайчыннікаў, дбаць пра іх, наведваць на Дзяды.

