Суполка беларусаў Уроцлава ўпершыню арганізавала “Забег Надзеі” — сімвалічны забег на дыстанцыю 5,5 км. Мэта акцыі — падтрымаць адзін аднаго, паказаць стойкасць і захоўваць надзею, дзе б беларусы ні былі.
Перад стартам удзельнікі зрабілі агульную размінку з польскай трэнеркай Беатай Сурдэй — прафесіяналкай з 30-гадовым досведам, пераможцай дзясяткаў спаборніцтваў і стваральніцай спартыўнай ініцыятывы Beata-Fit. Асобным госцем забегу стаў вольны спартовец Іван Ганін — пераможца Кубка свету па кікбоксінгу і шматразовы чэмпіён Беларусі. З яго рук усе ўдзельнікі атрымалі памятныя медалі.
Арганізатары падкрэслілі сімвалічнасць фармату: далучыцца мог кожны — бегчы, ісці, несці сцяг, рабіць фота і проста быць побач. Галоўная ўмова — фінішаваць. Кожны крок удзельнікаў быў знакам салідарнасці з палітвязнямі, з тымі, хто вымушана пакінуў Беларусь, з тымі, хто працягвае змагацца, і з самімі сабой — каб не страціць надзею.
Арганізатары разглядаюць магчымасць зрабіць забег штогадовай традыцыяй і далучаць яшчэ больш суполак, каб голас салідарнасці гучаў мацней.
Фота: Ірына Міхеева