Ва Уроцлаве ўпершыню прайшоў Фестываль халадніку

31 траўня ва Уроцлаве ўпершыню адбыўся Фестываль халадніку — традыцыйнай беларускай стравы, якая на дзень аб’яднала дзясяткі людзей у парку Kleciński. Ініцыятыва належала гісторыку Алесю Беламу, а Суполка беларусаў Уроцлава арганізавала мерапрыемства менш, чым за тры тыдні.

Галоўнай стравай Фестывалю стаў халаднік у трох варыянтах. Яго можна было і паспрабаваць, і сабраць самому — з буракамі, зелянінай, яйкам, смятанай і іншымі інгрэдыентамі. Найпапулярнейшым стаў класічны халаднік на бураках — ён знік першым.

“Я перад гэтым 14 дзён рабіла булёны і тэставала рэцэпты. У выніку мой фаварыт — халаднік на шчаўі з гарчыцай і смятанай. Але, здаецца, я ўжо наелася на год наперад”, — распавяла для выдання “MOST” Вераніка, прадстаўніца Суполкі беларусаў Уроцлава.

Фестываль меў некалькі частак: міні-лекцыю пра гісторыю халадніку (у тым ліку пра тое, што ў багатых сем’ях яго падавалі з лёдам), конкурс на найсмачнейшы халаднік (перамагла Надзея, сакрэт якой — кропля воцату), конкурс строяў у колерах стравы — ружовы, зялёны, белы.

Адна з удзельніц, Алеся, прызналася, што Фестываль стаў для яе эмацыйным вяртаннем у дзяцінства: “Халаднік — гэта пра бацькоўскі дом, пра пах агуркоў і смажаную бульбу. У эміграцыі я яго яшчэ не гатавала, і вось — нагода”.

“Мы хацелі зрабіць нешта простае, але цэльнае — і атрымалася”, — падсумоўваюць арганізатары.