Спектакль-даследаванне беларускага драматурга пакажуць ва Уроцлаве

14 чэрвеня адбудзецца прэм’ера супольнай пастаноўкі Уроцлаўскага Сучаснага Тэатра і Драматычнага Тэатра ў Варшаве – “Un-packing”. Стваральнікі кажуць, што гэта ўнікальны мастацкі праект на мяжы дакументальнага тэатра і палітычнай футуралогіі. Спектакль, створаны беларускім драматургам Мікітам Ільінчыкам і рэжысёркай Катажынай Кальват, раскрывае пласты забытага мінулага, каб пракласці мост да самых вострых пытанняў сучаснасці.

— Мы маем з беларусамі агульны гістарычны і культурны архіў — падчас спектакля мы будзем яго распакоўваць, звяртаючыся да падзей, што адбыліся на Падляшшы ў 1945 годзе, калі банды Бурага зладзілі разню праваслаўнага беларускага насельніцтва. Тэма спектакля — дэканструкцыя і пераасэнсаванне нашай агульнай гісторыі, — кажа Катажына Калват.

Мова спектакля – польская з цітрамі па-беларуску. Яго можна будзе паглядзець таксама 15, 17, 18 і 19 чэрвеня.
Квіткі па спасылцы тут.

Пра што:

Яўганна, леваліберальная кандыдатка з Падляшша, запрашае ўцекачоў з Усходу да ўдзелу ў выбарчым роліку. Журналістка Марта вельмі хоча ёй дапамагчы, але не ведае, як за гэта ўзяцца. Бачачы гэта, тэлевізійны аператар пачынае ўсё больш уцягвацца ў запіс роліка. Гэта запускае ланцуг нечаканых падзей, што прымушаюць герояў сутыкнуцца з забытымі і неадпрацаванымі тэмамі, звязанымі з польска-беларускай гісторыяй.