5 чэрвеня ва Уроцлаве пройдзе сустрэча для сталых беларусаў, якія пазней змогуць далучыцца да Універсітэта Залатога Веку. Такі ўніверсітэт павінен паўстаць у Польшчы ўжо неўзабаве і аб’яднаць асобаў 55+. Ён будзе дзейнічаць у форме адукацыйна-інтэграцыйных пляцовак у 2-3 гарадах краіны. Арганізатары плануюць стварыць супольнасць, дзе можна вучыцца, дзяліцца досведам, знаёміцца і адчуваць сябе запатрабаванымі.
На першай сустрэчы ва Уроцлаве аўтары праекта хочуць зразумець патрэбы, інтарэсы і чаканні сталых людзей, якія апынуліся па-за Радзімай. Каб на яе прыйсці, неабходна да 1 чэрвеня запоўніць анкету. Запрашаюць таксама далучацца патэнцыйных выкладчыкаў, арганізатараў і валанцёраў, якія гатовыя працаваць разам над праектам.
Сустрэча ва Уроцлаве стане часткай больш шырокага даследчага этапу, які дапаможа сфармаваць змест і фармат будучых адукацыйных пляцовак. Такія сустрэчы плануюць правесці яшчэ ў некалькіх гарадах.
Адрас: Офіс Суполкі беларусаў Уроцлава ul.Tadeusza Kościuszki 35A (націснуць 54 на дамафоне)
Час: 18:30
Ініцыятарамі выступае Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых, дзе працуюць спецыялісты, якія больш за 15 гадоў стваралі і развівалі “Універсітэт залатога веку” ў Беларусі. Цяпер яны хочуць адаптаваць гэты вопыт для беларусаў ў Польшчы.
Праект дафінансаваны са сродкаў фонду “Polsko-Amerykańska Fundacja Wolności” ў межах праграмы “RITA – Przemiany w regionie”, якую рэалізуе “Fundacja Edukacja dla Demokracji”.