Ва Уроцлаве жыве і служыць беларускі святар — ксёндз Антоні Аблам, які нарадзіўся пад мястэчкам Нарач. Усе 18 гадоў з моманту атрымання святарскага пасвячэння ён нёс служэнне ў Польшчы.
Ужо больш за чатыры гады менавіта дзякуючы яму двойчы на месяц беларусы Уроцлава маюць магчымасць прыходзіць на Святыя Імшы па-беларуску, маліцца разам на роднай мове. Ад кастрычніка 2023 года яго афіцыйна прызначылі душпастырам беларускай каталіцкай супольнасці ва Уроцлаве.
За час існавання душпастырства кс.Антоні правёў два шлюбы і шэсць хростаў па-беларуску! Пасля службаў святар запрашае ўсіх у кавярню пры касцёле знаёміцца бліжэй, размаўляць, адзначаць святы і прыемна бавіць час. Як прабірае да мурашкаў — чуць «Магутны Божа» ў сценах касцёла напрыканцы службаў. Як святочна гуляць у біткі на Вялікдзень, а на Божае Нараджэнне як прыемна знаёміцца і сябраваць з цудоўнымі беларусамі, якіх шмат далучаецца ў такі час!
Наступная беларуская Імша — 23 лістапада!
Падрабязнасці тут.
