Беларускі Уроцлаў: 5 ініцыятыў, якія аб’ядноўваюць

Уроцлаў дыхае беларускімі ініцыятывамі! Тут ствараюць праекты, якія аб’ядноўваюць, падтрымліваюць і натхняюць. Мы сабралі для вас 5 ініцыятыў, але іх, вядома, значна больш.

ІдзеМы ў горы — ініцыятыва, якая аб’яднала больш за тысячу прыхільнікаў падарожжаў у горы Ніжняй Сілезіі. Адбылося ўжо 35 аднадзённых паходаў, да якіх мог далучыцца кожны ахвотны, а ў тг-канале праекта можна знайсці самыя цікавыя і падрабязна апісаныя маршруты.

Мова Нанова — курсы беларускай мовы, якія спалучаюць моўныя цікавосткі, забаву і вывучэнне лексікі ў самых розных фарматах. За амаль чатыры гады праект стаў пляцоўкай сустрэч з найвыбітнейшымі літаратарамі, музыкамі, навукоўцамі і экспертамі ў розных галінах.

OFFLINE Club (Спадчына) — праект для падлеткаў, дзе моладзь адкрывае сябе, знаходзіць сяброў і стварае ўласныя праекты. Штотыднёвыя сустрэчы дапамагаюць вывучаць беларускую мову, гісторыю і культуру, развіваць навыкі камунікацыі і фінансавай граматнасці і атрымліваць псіхалагічную падтрымку.

K.A.W.A. — сустрэчы беларусаў на каву сярод «сваіх», прастора для шчырасці, падтрымкі і натхнення. Тут нефармальная атмасфера, утульнасць і новыя сябры. Таксама арганізатары ладзяць Jam Session:Music Club — інтэграцыйна-музычныя вечары для беларусаў і сяброў. Пытанні можна задаваць тут @Tatsi_Wro

Спартыўны Уроцлаў — праект для ўсіх, хто любіць спорт, рух і камандны дух. Беларусы рэгулярна збіраюцца на валейбол, ладзяць фестываль «Братэрства Свабоды» і розныя турніры, разам адпачываюць у сяброўскай атмасферы і аб’ядноўваюць сілай спорту.